СЛУ́ЖБА НАДВО́Р’Я,
сістэма забеспячэння інфармацыяй насельніцтва і розных галін нар. гаспадаркі аб стане надвор’я і прагнозамі надвор’я. Выкарыстоўвае звесткі рэгулярных назіранняў метэаралагічных станцый, гідралагічных станцый, метэаралагічных пастоў, аналагічную інфармацыю ад інш. рэгіёнаў, а таксама вынікі радыёзандзіравання атмасферы, назіранні метэаралагічных спадарожнікаў і радыёлакатараў. Усю інфармацыю наносяць на сінаптычныя карты, якія з’яўляюцца гал. крыніцай для складання прагнозу надвор’я. Інфармацыя аб стане надвор’я, прагнозы і штармавыя папярэджанні перадаюцца зацікаўленым арг-цыям, распаўсюджваюцца праз радыё, тэлебачанне і друк. С.н. забяспечвае таксама нар. гаспадарку звесткамі аб ступені спрыяльнасці будучага надвор’я для развіцця с.-г. культур, правядзення с.-г. работ (гл. Аграметэаралагічны прагноз), аб узроўнях вады на рэках і вадаёмах і прагнастычным развіцці гідралаг. працэсаў‘(гл. Гідралагічны прагноз). Існуе амаль ва ўсіх краінах. Міжнар. супрацоўніцтва ажыццяўляецца з дапамогай сусв. С.н. На Беларусі засн. ў 1924 Функцыі С.н. выконвае Рэсп. гідраметэаралагічны цэнтр.
т. 15, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)